30-годдзе Музея беларускага кнігадрукавання. Абноўлена 11 верасня

 



 

8 верасня Музею беларускага кнігадрукавання споўнілася 30 год. За гэты час ён не толькі застаўся адзіным у рэспубліцы музеем падобнага тыпу, але і ператварыўся ў адзін з самых папулярных музеяў для наведвальнікаў усіх узростаў, з любых краін свету.

У гэты юбілейны год мы задаліся пытаннем: "А што ёсць наша праца?". І вырашылі расказаць вам аб ёй. Мы выбралі і задалі прадстаўнікам розных музейных прафесій: загадчыку музея, старшаму навуковаму супрацоўніку, а таксама наглядчыку – 10 папулярных пытанняў, якія задаюць тыя, хто не знаёмы з усімі сакрэтамі музейнага жыцця. Адзначыўшы 30-гадовы юбілей Музея беларускага кнігадрукавання, мы гатовы прадставіць вам поўную версію "НЕфарматнага інтэрв'ю".

 



 

Супрацоўнікі музея падрыхтавалі таксама і відэавіншаванне, дзе змясцілі фота- і відэаматэрыялы ад часу адкрыцця ўстановы і да сённяшняга дня. Гэтым ролікам мы выказваем падзяку нашым наведвальнікам, бо яны – нашыя галоўныя натхняльнікі, а таксама нашым супрацоўнікам, былым і дзейным, бо без іх такая значная культурная з'ява, як Музей беларускага кнігадрукавання, была б не магчымая.

 

 



 

Напярэдадні свята была адкрыта выстава «У самы жывы з усіх музеяў з пажаданнямі...» (выданні з дароўнымі надпісамі са збору НПГКМЗ), прымеркаваная да 30-годдзя Музея беларускага кнігадрукавання.

На выставе можна ўбачыць матэрыялы, звязаныя з падрыхтоўкай да адкрыцця музея, кнігі з першых паступленняў з дароўнымі надпісамі. Асобнае месца ў часовай экспазіцыі займаюць кнігі з надпісамі вядомых беларускіх пісьменнікаў і мастакоў, а таксама выданні і аўдыёкнігі полацкіх аўтараў з іх аўтографамі. Праз розныя матэрыялы паказана супрацоўніцтва Музея беларускага кнігадрукавання з рознымі ўстановамі, выдавецтвамі, арганізацыямі.

Прадстаўлены не толькі кнігі, але і фотаздымкі, першая кніга водгукаў і іншыя прадметы, звязаныя з адкрыццём Музея беларускага кнігадрукавання і пачатковымі гадамі яго працы. Фотахроніка Музея складаецца з фотаздымкаў розных гадоў, на якіх прадстаўлены асобныя аспекты музейнага жыцця.

 



 

Урачыстае адкрыццё выставы адбылося 8 верасня, падчас святкавання Дня нараджэння ўстановы. З віншаваннямі сюды зазірнулі шматлікія госці, сярод якіх былі ў тым ліку начальнік упраўлення культуры Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Пётр Падгурскі і старшыня Полацкага раённага выканаўчага камітэта Ігар Марковіч. Не абмінулі ўвагай нашу ўстанову і калегі-музейшчыкі: дырэктары Нацыянальнага гістарычнага музея Павел Сапоцька, Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Міхаіл Рыбакоў, Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч, Віцебскага абласнога краязнаўчага музея Таццяна Старынская і Віцебскага абласнога музея Героя Савецкага Саюза М.П. Шмырова Ірына Шышкова.

Самым чаканым і дарагім госцем стала першая загадчыца музея, стваральніца яго навуковай канцэпцыі – сэнсу і логікі музея – Галіна Ладзісава, якая зараз узначальвае Музей гісторыі горада Мінска. Успаміны заснавальніцы музея і мастака Ігара Куржалава, які калісьці разам з Сяргеем Дзмітрыевым працаваў над мастацкім рашэннем музейнай экспазіцыі, былі не толькі інфармацыйна, але і эмацыянальна насычанымі.

Госці перадалі музею шматлікія падарункі. І як ніколі было актуальным сцверджанне, што лепшы падарунак – гэта кніга. Нават торт, падараваны кіраўніцтвам горада, меў форму разгорнутай кнігі.

 



 

Павіншавалі музей таксама яго шматлікія сябры, якія па розных прычынах не змаглі быць побач у Дзень нараджэння. Такую магчымасць далі развітыя лічбавыя камунікацыі. Яшчэ напрыканцы ліпеня ў групе музея Укантакце быў аб'яўлены "Віншавальны Марафон": сябры і калегі дасылалі свае віншаванні музею ў асабістыя паведамленні ці па пошце, а ў Дзень нараджэння з раніцы да вечара супрацоўнікі размяшчалі іх у стужцы. Прапануем пазнаёміцца і вам!

 



 

10 верасня быў праведзены круглы стол "Камунікатыўныя практыкі актуалізацыі помнікаў кніжнай культуры", прысвечаны 30-годдзю Музея беларускага кнігадрукавання. Мэтай правядзення круглага стала стаў абмен вопытам, абмеркаванне праблем і вылучэнне перспектыў традыцыйных і інавацыйных падыходаў да камунікацыі "кніга – чалавек".

Да ўдзелу былі запрошаны супрацоўнікі музеяў, бібліятэк, архіваў, навуковых і адукацыйных устаноў. На жаль, 2020 год аказаўся няпросты для ўсіх нас, асабістыя сустрэчы былі абмежаваны да мінімуму, таму задуманы круглы стол вырашана было правесці ў завочным фармаце. У ім прынялі ўдзел даследчыкі з Мінска, Полацка, а таксама Масквы, Санкт-Пецярбурга, Кіева і Будапешта. Былі дасланы даклады, прысвечаныя, гісторыі кнігі і кнігадрукавання, беларускім, рускім і яўрэйскім кнігам, спосабу іх экспанавання і вопыту працы з імі. У тым ліку разглядаюцца нашы рарытэты, якія сёння захоўваюцца ў Венгрыі.

Мы публікуем дасланыя тэзісы выступленняў і прэзентацыі ўдзельнікаў круглага стала. Пазнаёміцца з імі можна па спасылцы: http://book.polotsk.museum.by/be/node/51722.

 

905