Літаратурна-дакументальная экспазіцыя «Дыяменты прыгожага пісьменства»


31 жніўня 2022 г. у Дзяржаўным музей гісторыі беларускай літаратуры адбудзецца адкрыццё часовай літаратурна-дакументальнай экспазіцыі «Дыяменты прыгожага пісьменства», прымеркаванай да 100-й гадавіны з дня нараджэння беларускіх пісьменнікаў. Пачатак а 17-й гадзіне.

«Дыяменты прыгожага пісьменства» – штогадовы праект, прысвечаны святкаванню стогадовых юбілеяў беларускіх пісьменнікаў, паэтаў, драматургаў, перакладчыкаў, публіцыстаў, крытыкаў, літаратуразнаўцаў. Год гістарычнай памяці аказаўся шчодрым на такія падзеі. Сёлета экспазіцыя знаёміць з матэрыяламі, звязанымі з жыццём і творчасцю пісьменнікаў-юбіляраў Пятра Васілеўскага, Івана Гурбана, Пятра Стэфановіча, Івана Кудраўцава, Пятра Харкова, Алеся Махнача, Уладзіміра Шыціка, Івана Сіўцова. Гэта рукапісы, фатаграфіі, кнігі, кнігі з аўтографамі, ліставанне і інш. прадметы з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Юшавіцкай сельскай бібліятэкі імя Івана Гурбана. Многія экспанаты дэманструюцца ўпершыню.

Так, адным з яскравых “дыяментаў прыгожага пісьменства” з’яўляецца таленавіты паэт з Нясвіжчыны Іван Гурбан. З-пад яго пяра выходзілі лірычныя вершы, прасякнутыя прастатой думкі, дасціпнасцю дзіцячай псіхалогіі, усім тым, чым жылі землякі паэта, што падказвала паўсядзённасць, жыццёвы вопыт і слаўнае гістарычнае мінулае Нясвіжчыны. Друкаваў вершы ў розных перыядычных беларускіх выданнях. Убачылі свет тры зборнікі яго твораў: “Чубаценькі будзільнік” (1979), “Калі ветрык спачывае” (1985), “Пахі вясны” (1991).

Важкі след у летапісе беларускага пісьменства пакінуў таленавіты драматург Алесь Махнач. Ім напісана каля пяці дзясяткаў аднаактовых п’ес, камедый, сцэнак, скетчаў, інтэрмедый. Многія з іх увайшлі ў зборнікі “Аднаактовыя п’есы” (1961), “Мы будзем жыць” (1967), “П’есы” (1974), “Не кажы: мая хата з краю…” (1980), “Няхай красуе жыццё” (1982) і інш. Пяру драматурга належаць папулярныя п’есы для дзяцей “Шпачок”, “Гаўрошы Брэсцкай крэпасці”, дзе адлюстравана героіка Вялікай Айчыннай вайны. Алесь Махнач аўтар дакументальных аповесцей “Дзеці крэпасці” (1988), “Камандзір Усходняга форта” (1991), за якія Міжнародная асацыяцыя пісьменнікаў баталістаў і марыністаў узнагародзіла яго дыпломам і медалём К. Сіманава.

Застанецца ў гісторыі айчыннай літаратуры імя Уладзіміра Шыціка. Пісьменніка цікавілі жыццё, праца, узаемаадносіны рабочай моладзі, маральна-этычныя праблемы (“Сосны адшумелі сваё”, “Майская раніца”). Пісаў таксама фантастычныя аповесці, апавяданні: “Апошняя арбіта”, “Зорны камень”, “У час не вярнуліся” і інш. У жанры прыгодніцкай літаратуры напісаны кнігі: “Масткі над абрывам”, “Другая версія”. Узнагароджаны медалём “За доблесную працу”.

Шмат цікавага даведаюцца наведвальнікі таксама пра Пятра Васілеўскага, Пятра Стэфановіча, Пятра Харкова, Івана Кудраўцава, Івана Сіўцова – таленавітых майстроў слова, якімі ганарыцца беларуская зямля.

Выстава будзе дзейнічаць па 1 лістапада 2022 г. па адрасе: г.Мінск, вул. М.Багдановіча, 13.

Куратар – вядучы навуковы супрацоўнік Паліна Мікалаеўна Саўген.

Тэл. +375 (17) 395-44-47, +375 (17) 334-56-21.

463