Запрашаем на батлейку «Віцебскі жлоб»!

Музей традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я запрашае 13 студзеня а 14-й гадзіне на тэатральнае прадстаўленне «Віцебскі жлоб», якое прадставіць Народны тэатр лялек «КапялюШ» Цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры пад кіраўніцтвам Андрэя Рэцікава.

Адзначым, што 13 ліпеня 2022 года рэканструяванаму наваполацкім майстрам тэатру ценяў «Віцебскі жлоб» — аднаму з тыпаў батлейкі — быў нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці нематэрыяльнай спадчыны Беларусі.

Гэты ўнікальны тып батлейкі быў пашыраны менавіта на Віцебшчыне ў XVIII—XIX стагоддзях. Па форме такая батлейка нагадвала трохкупальную царкву, якая стаяла на адмысловай лаве і спалучала ў сабе статычную панараму з рухомым тэатрам ценяў. Рэпертуар вызначаўся выключнай рэлігійнасцю. Містэрыі аб нараджэнні Хрыста паказваліся толькі два тыдні на год — ад Калядаў да Хрышчэння. Нягледзячы на вялікую папулярнасць у народзе, ніводнага ўзору гэтай цікавай культурнай з’явы да нашых дзён не захавалася. Апошні экзэмпляр з Ільінскай царквы знаходзіўся ў царкоўна-археалагічным музеі Мікалаеўскага сабора, што калісьці ўзвышаўся на плошчы Свабоды ў Віцебску. Потым яго перадалі ў краязнаўчы музей, які згарэў падчас Вялікай Айчыннай вайны.

Адноўлены майтрам Андрэем Рэцікавым «Віцебскі жлоб» сапраўды зачароўвае. Наступае магічны час, калі ў поўнай цемры запальваюцца свечкі, фігуры пачынаюць кружыць, а гурт зацягвае песні слаўлення…

Паспяшайцеся дакрануцца да магіі батлейкі! Шчыра запрашаем!

112