«Ліст да Коласа»

Добры дзень, шаноўныя сябры!

Сёння мы зноў хочам вам нагадаць пра такі нядаўні і такі ўжо забыты звычай пісаць папяровыя лісты. Як даўно вы заходзілі на пошту, набывалі канверты, пераймаліся ці хопіць маркі на адпраўку чатырох аркушаў? Дзе знайсці бліжэй паштовую скрыню? Што такое "адкрыты ліст"?

Усё гэта мы прапануем вам узгадаць з дапамогай нашай акцыі "Ліст да Коласа".

Сэнс акцыі: вы мусіце напісаць сапраўдны папяровы ліст да дзядзькі Якуба, адаслаць яго на адрас Якуба Коласа (220012 Мінск, вул. Акадэмічная, д. 5). Адзіная ўмова - ліст мусіць быць напісаны, аформлены ад рукі, толькі простыя аркуш паперы і аловак/асадка/пэндзаль, пакідаем ўсё астатняе на прастор вашай фантазіі.

У сям’і Якуба Коласа было прынята ліставацца, існуе шмат лістоў класіка да сваіх дзяцей, любай жонкі Марыі Дзмітрыеўны, да родзічаў, да сяброў, калег і знаёмых, дзе ярка раскрываецца шматгранная асоба Песняра. С дапамогай нашай акцыі мы разам працягнем улюбёную коласаўскую завядзёнку.

Самае ж галоўнае ў нашай акцыі, што прымеркаваная яна да Дня роднай мовы, таму, у тым ліку, гэта найлепшая магчымасць засведчыць сваю пашану як да яе, так і да творцы, які ўвесь свой жыццёвы шлях прайшоў пад ліхтаром нашай беларускай мовы.

Лісты прымаюцца да 21.02.2024г., менавіта ў гэты дзень будзе вызначаны пераможца.

Аўтараў самых пранікнёных і крэатыўных пасланняў чакаюць прыемныя нечаканасці ад нашага музея, але папярэджваем адразу – без ўзнагароды не застанецца ніхто!

З нецярплівасцю чакаем вашых пасланняў. З павагай, вашы коласаўцы.

132