У калекцыі “Музычныя інструменты” ёсць прыгожая скрыпка 19 ст., вырабленная на сусветна вядомай фабрыцы па вытворчасці музычных інструментаў і струн Братоў Плахт (Германія).
Скрыпка - смычковы струнны музычны інструмент высокага рэгістра. Мае народнае паходжанне, сучасны выгляд набыла яшчэ ў XVI стагоддзі, атрымала шырокае распаўсюджванне ў XVII стагоддзі.
Пачатак вытворчасці скрыпак у Шонбахе (цяперашнім Лубы, размешчаным у сучаснай Чэхіі), хутчэй за ўсё, ўзыходзіць да канца 16-га стагоддзя. Стваральнік майстравай скрыпкі Эліяс Плахт лічыцца заснавальнікам скрыпічнай справы ў гэтым былым маляўнічым нямецкім мястэчку, першыя згадкі пра якое датуюцца 1100 годам.
У 18 ст. у г. Лубы працавала звыш 40 скрыпічных майстроў, вытворцаў музычных інструментаў. Пятнаццаць з іх належыла да дынастыі Плахт, якая мае найбольшыя заслугі ў прадаўжэнні скрыпічнай справы г. Лубы.
Скрыпка складаецца з двух асноўных частак: корпуса і грыфа, уздоўж якога нацягнутыя струны. Корпус скрыпкі мае спецыфічную акруглую форму з выемкамі па баках, якія ўтвараюць «талію».
Грыф скрыпкі ўяўляе сабой доўгі брусок з суцэльнага цвёрдага дрэва, да ніжняй часткі якога прымацавана шыйка, якая пераходзіць у галоўку ў выглядзе завітка.
Унутры скрыпкі ёсць папяровая наклейка з наступным тэксам: “Brüder Placht vorm Gebr. Placht Musik - Instrumentrn & Saiten – Fabrik in Schöbach bei Eger in Böhmen Gegründet, 1830”. Пераклад на беларускую мову: “Фабрыка братоў Плахт па вытворчасці музычных інструментаў і струн. Заснавана ў Шонбахе каля Эгер ў Багеміі, 1830”.
Скрыпка са смыкам. Змешчана ў драўляны футарал.
Набыта ў жыхаркі г. Навагрудка ў 2003 годзе.