Выстаўка «У пошуках вольнага неба»


8 верасня 2021 года ў 18.00 у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага адбудзецца адкрыццё выставы тэкстылю «У пошуках вольнага неба…» Таццяны Фёдараўны Козік, прымеркаванай да 60-годдзя мастачкі.

Выстава ўяўляе сабой квінтэсенцыю шэрага яркіх і пластычна-выразных праектаў, якія Таццяна Козік у апошнія некалькі гадоў арганізавала ў выставачных залах Беларусі. Выстава ўражвае канцэптуальнай і вобразнай цэласнасцю, шырокім дыяпазонам творчых пошукаў і эксперыментаў. А яшчэ ўзнёслай паэтычнасцю, светлым настроем, метафарычнасцю і сімвалізмам, і,  безумоўна, глыбінным адчуваннем мастачкай сваіх каранёў.

Аснова вобразаў – асабістыя думкі, мроі, успаміны мастачкі. Вольнае паветра, палёт, птушка – ледзь не самыя распаўсюджаныя сімвалічныя вобразы ў творчасці Таццяны Козік. Неардынарнасці і арыгінальнасці створаных вобразных канструкцый шмат у чым садзейнічае ўдала знойдзеная пластычная мова. У габеленах і тэкстыльных пано Таццяна Козік надае асаблівую ўвагу аб’ёму. Працягвае эксперыменты з формай у графічных малюнках на льне.

Прыхільнасць мастачкі да змешаных тэхнік не перашкаджае ёй выкарыстоўваць у сваіх кампазіцыях і элементы гладкага ткацтва. Самы ўлюбёны матэрыял Таццяны Козік – лён. Але падчас працы над сваімі кампазіцыямі яна ў вольных спалучэннях выкарыстоўвае і іншыя матэрыялы: воўну, сінтэтыку, скуру, дрэва, металічную сетку. Камертонам вобразнасці ў творах з’яўляюцца вельмі паэтычныя, але разам з тым канцэптуальна ёмкія назвы.

Куратар выставы, кандыдат мастацтвазнаўства Міхась Цыбульскі адзначае: «Мастацкі тэкстыль Таццяны Козік – гэта не толькі выдатная спроба замацаваць у нашым часе паэтыку і традыцыі беларускага ткацтва, але і жаданне акцэнтаваць магчымасці сучаснага тэкстылю як актуальнай формы мастацтва. Гэта адчуваецца практычна ва ўсіх тэкстыльных кампазіцыях, што прадстаўлены ў экспазіцыі»

Кошт білетаў:
5 руб. – дарослыя;
4 руб. – студэнты, пенсіянеры;
2,5 руб. – школьнікі.

Час працы: серада – нядзеля, 11.00 – 19.00

Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага
пл. Свабоды, 15 (станцыя метро «Няміга»)
+375 17 270 43 66

358